ГЛЕБ УСЕ́ВАЛАДАВІЧ
(1120-я г. — пасля 1173),
гродзенскі князь, сын кн. Усевалада Давыдавіча. Разам з братам Барысам Усеваладавічам атрымаў у спадчыну Гродзенскае княства, падпарадкаванае кіеўскаму кн. Усеваладу Ольгавічу. У 1144 з братам удзельнічаў у паходзе кіеўскага князя на галіцкага Уладзіміра Валадаравіча. У 1166 з дружынай па загадзе кіеўскага князя ахоўваў ад полаўцаў купецкія караваны (каля Канева), у 1167 і 1170 дапамагаў Мсціславу Ізяславічу, а ў 1173 з полацкімі, тураўскімі і пінскімі князямі і братам Мсціславам — Андрэю Багалюбскаму ў міжусобнай барацьбе за кіеўскі пасад.
А.П.Госцеў.
т. 5, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)